Прудское лясніцтва сустракае казачным суседствам. Побач — возера Ляжэнец. На яго вадзе з вясны пасялілася белая лебядзіная пара, вывела патомства. Прыгожая сям’я, якая заварожвае вочы і душу. І прудскія лесаводы пастараліся, каб падведамасны ім вадаём з зонай адпачынку быў добраўпарадкаваным.
Назву возеру даў аднайменны хутар. Іменна тут месціцца своеасаблівы цэнтр пушчанскага краю — Прудское лясніцтва. Заснаванае 36 гадоў таму заслужаным лесаводам БССР Зянонам Зялёнкам, Прудское лясніцтва — адно з лепшых у Стаўбцоўскім доследным лясгасе.
На працягу апошніх чатырох гадоў дружны калектыў прудскіх лесаводаў узначальвае Генадзь Кажушка. Да гэтага больш чым 12 гадоў ён адпрацаваў памочнікам ляснічага ў Старынскім лясніцтве. Граматны і перспектыўны. Да таго ж, бацька траіх дзетак.
Памочнікам у яго працуе спецыяліст I класа з 22-гадовым працоўным стажам Алена Чэмка. За сваё жыццё яна пасадзіла каля 200 гектараў лесу! Дзякуючы яе ўмелым жаночым рукам квітнеюць клумбы ля будынка лясніцтва. Сын Аляксандр пайшоў па слядах маці. Працуе ў Налібоцкім лясніцтве лесарубам, завочна вучыцца ў тэхналагічным універсітэце.
У лясніцтве з удзячнасцю згадваюць сваіх ветэранаў: Б. М.Ланкевіча, А.А.Годыля, братоў Маскалевічаў, якія выйшлі з сям’і лесавода і ўжо іх дзеці працягваюць дынастыю, І. С. Матусевіча, В. А. Босага, Я. П. Пятроўскую.
Мясцовых жыхароў вядзе ў лясніцтва спрадвечны клопат — выпісаць на зіму дроў, папрасіць трактар, машыну або... працаўладкавацца. Іх, тутэйшых працавітых людзей, шчыруе ў лясніцтве 45 чалавек.
— Паўтара лясніцтва ў адным, — гаворыць пра сваю гаспадарку Генадзь Кажушка. — Па плошчы яно невялікае — 8 тысяч 747 гектараў, а вось па штату — адно з самых вялікіх у лясгасе.
Да мінулага года ў Прудах размяшчаўся вытворча-майстарскі ўчастак. З-за нерэнтабельнасці быў рэарганізаваны. Але работнікі не пацярпелі ад гэтага, таму што былі створаны чатыры лесанарыхтоўчыя брыгады, якія займаюцца высечкамі галоўнага і прамежкавага карыстання. Прычым, не толькі ў сваім, але і ў іншых лясніцтвах. Нядаўна аказвалі дапамогу Бярэзінскаму лясгасу. Усе жадаючыя з былога цэха змаглі на месцы перакваліфікавацца. Сёлета пры падтрымцы Барысаўскага каледжа па 30-дзённай праграме было абучана 5 вальшчыкаў.
...На ўсюдыходзе рухаемся па пушчанскіх лясных дарогах. Незалежна ад надвор’я завіхаецца ў лесе брыгада Алега Шадрына. Алег Яўгенавіч прызнаны лепшым брыгадзірам. Штодзённа разам з вальшчыкам-напарнікам Валерыем Лісоўскім і лесарубам Юрыем Гарбацэвічам нарыхтоўваюць 20–30 м3 драўніны.
Едзем да ўдарнай брыгады Сяргея Ліпніцкага, якая заняла першае месца ў лясгасе сярод брыгад па выніках работы за паўгоддзе. За гэты перыяд яна нарыхтавала 2,5 тысячы м3 драўніны. Брыгада маладая, сфарміравана толькі ў кастрычніку мінулага года, а ўжо раскрыла свой патэнцыял.
Для того чтобы оставить комментарий к статье воспользуйтесь данной формой.
Поля обязательные для заполнения отмечены звездочкой (*).
Комментарии